Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Яго галаву напаўнялі розныя думкі, прыемныя ўспаміны, наіўныя ідэі, у якіх гадзіны проста раствараліся ў небыцці.

За дваццаць хвілін ён дарабляў дванаццаць маразільных камераў і адразу адвозіў цележку да Дзятла. Дзяцел жа, выконваючы ролю своеасаблівага арбітражу ў дачыненні Дзяніса, карыстаўся выключна лаканічнымі жэстамі і свісткамі: паказваючы куды неабходна ставіць цележку — тыцкаў сваім пальцам-алоўкам у патрэбным накірунку; звяртаючыся да Дзяніса — свістаў і кожны раз штосьці невыразна спрабаваў яму растлумачыць.

“Цікава, хто-небудзь акрамя Снайпера разумеў яго гаворку? Свістун ты, Дзяцел”, — думаў Дзяніс, забіраў парожнюю цележку і вяртаўся назад.

Неяк раз, адвозячы чарговую цележку, ён звярнуў увагу на мужчыну, які працаваў побач з Дзятлам. Гэта быў ужо сталы каржакаваты тып, які з твару дзіўным вобразам нагадваў італьянскага кінарэжысёра П’ера Паала Пазаліні.[7] У мужчыны былі такія ж цёмныя валасы, такія ж сіцылійскія карыя вочы і такая ж сентыментальная ўсмешка. Яму дапамагалі два падлетка, падаючы ўнутраныя пластмасавыя “шафы”, якія ён змацоўваў з корпусам лядоўняў. Адзін з падлеткаў быў натуральным бландынам, а другі — аблавухі, як малпа. Дзяніс нават усміхнуўся, калі ўбачыў іх утрох, улічваючы той факт, што Пазаліні пры жыцці быў гомасэксуалістам, выпрабоўваючы слабасць да такіх жа юнакоў. Абодва падлетка сваім целаскладам папросту маглі сыйсці на вязняў Асвенцыма, а бландынчык сваёй зефірнай галоўкай яшчэ і на саладжавага херувіма. У тую ж хвіліну Дзяніс пераканаўся, што гэтая кампанія сапраўды заслугоўвала мянушкі. І пакуль ён зваротна адвозіў цележку, натхнёны разумовай тэрапіяй, яму ў галаву прыйшлі новыя імёны. Мужык, з пашанаю, атрымаў Пазаліні, бландынчык стаў Підарам, ужо занадта дзявочымі былі рысы яго твару, а аблавухі — Свістуляй, хаця спачатку Дзяніс хацеў назваць яго Дрышчом. Так, безумоўна, яму прасцей было да іх звяртацца. Вы толькі паслухайце — Пазаліні, Підар і Свістуля. Грэбаныя працаўнікі. У Дзяніса аж настрой падняўся.

Ён працягваў вырабляць камеры, завозіць цележкі і нечакана для сябе заключыў, што можна закінуць вучобу і ўладкавацца на “Тытан”. Больш таго, дзесьці, падсвядома, у глыбіні сэрца, ён разумеў, што канвеер робіць з яго дарослага чалавека, які больш-менш адказна ставіцца да сваёй працы і супрацоўнікаў. Ад падобнага доваду Дзянісу стала нязручна знаходзіцца ў межах свайго цела, яму захацелася залезці пад халодны душ і пазногцямі здзерці з сябе скуру. Ён вельмі не хацеў сталець. Гэта было кепска. Хіба можна здрадзіць уласным фокусам і не вылузвацца, каб навакольнае грамадства не круціла пальцам каля скроні, хіба можна перастаць выскаляцца перад сябрамі ці бацькамі, якія не будуць пытаць: “Калі ж ты ўрэшце станеш дарослым?”

“У дупу, — думаў тады Дзяніс, — я такі, які я ёсць”.

Але гэта было раней. А цяпер? Цяпер ён вагаўся і, мабыць, змог бы здрадзіць сабе, закрыць на ўсё вочы і стаць канфармістам.

На дзесяці хвілінным перапынку да яго падышла адна з жанчын, тая, што была з хлапечай прычоскай.

— Цяжка, бачу, табе, паставілі на адказную аперацыю. А ты, мусіць, першы раз на канвееры працуеш? — спытала яна здушаным голасам, як быццам яе шыю сціснулі рукамі і прымусілі гаварыць.

Дзяніс кіўнуў галавой.

— Ну нічога, спачатку заўжды цяжка — прывыкнеш.

Яна, відавочна, хацела распачаць з ім гутарку, аднак Дзяніс гэтага зусім не жадаў. Ён кіўнуў у чарговы раз і падумаў: “Чаго табе ад мяне трэба, карова, адчапіся?!”. І жанчына, нібы пачуўшы гэта ўслых, адразу адышла да свайго працоўнага месца.

На перапынку да дзяўчыны з адпаліраваным тварам падышла Курва. Яны аказаліся сяброўкамі. Курва лузгала семачкі і прыглушана аб чымсьці распавядала. Дзяніс асабліва не прыслухоўваўся, але заўважыў, што калі дзяўчыны смяяліся, іх нахабныя позіркі адсылаліся ў яго бок.

“Дурніцы”.

Між тым яму заставалася працаваць яшчэ дзве гадзіны. Лёгка. Ён нават быў гатовы адрабіць і трэцюю змену, аб гэтым сведчылі сілы, якія заставаліся ў яго целе і зарад дагэтуль небывалага энтузіязму. Тым больш боль у паясніцы знікла і хацелася стаханаўскіх рэкордаў.

Памятай! Праца — найвышэй усяго!

Чакаючы, пакуль прэс сцісне маразільную камеру, Дзяніс агледзеў сваё працоўнае месца і да яго дайшло, што яго разумовая тэрапія не кранула гэтых трох баб. Хоць яны і не цікавілі яго, як вартыя гэтай працэдуры персанажы, аднак усё ж з імі прыходзілася працаваць і неяк да іх звяртацца. Перад Дзянісам паўстала ежа для разважання на апошнія гадзіны працы.

Першай, каму ён вырашыў даць чарговае «паганяла», стала дзяўчына з адпаліраваным тварам. Дзяніс пачаў прыглядацца да яе твару.

“Што, калі пацалаваць яе? Хутчэй за ўсё на вуснах адчуецца прысмак бліноў з маслам”.

Яму было дастаткова ключавога слова і можна выносіць канчатковы вердыкт. Так і адбылося. Масла! Нічога больш ідыёцкага не здолеў бы прыдумаць ніхто. Але на гэта Дзяніс і быў тым Дзянісам, якім яго ведала пераважная большасць знаёмых.