Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Надышоў час трэш-чаду.

У першым паведамленні Ілля ўрачыста абвясціў: “Сёння дзень сабутэльніка”. У другім Міха пазначыў: “Збор у семнаццаць нуль-нуль каля ўнівера”.

Дзяніс пачухаў патыліцу.

Ён як ніхто іншы ведаў, што калі збіраліся яго сябры — абавязкова будзе п’яны чад. Пазбегнуць які было немагчыма. Проста не рэальна. Гэта была своеасаблівая заканамернасць. Прынамсі, яна вынікала з апошніх групавых сабантуяў.

Яшчэ была жывая памяць аб разбітых галовах з мінулага дня студэнта, калі на плошчы Незалежнасці, каля помніка Леніну, схвоснуліся дзве варожыя групоўкі гістфака і матфака. Спачатку пілі разам. Потым хтосьці прапанаваў падужацца на руках. У выніку матфак прайграў. З’явілася крыўда. Далей па храналогіі Дзяніс убачыў перад носам нагу раз’юшанага матфакаўца і пачуў за сабой гук прамой падачы ў сківіцу. У тую ж хвіліну яму ж перапала па вуху, у вачах з’явіліся зорачкі, яго на некаторы час адключыла, а потым у стане афекту, Дзяніс пачаў махаць кулакамі. Як вынік: разбітае брыво і ранка на шчацэ.

У п’яным чадзе яны валтузіліся і паміж сабой. На першым курсе, распіваючы гарэлку непадалёк ад набярэжнай Свіслачы, Нікіта Ашукевіч схапіў “вавёрачку” і каб яго супакоіць, вынаходліваму Колю Зубайла прыйшлося выкінуць яго ў рэчку, каб той трохі астыў. Радасны Нікіта пераплыў на другі бок, дзе яго ўжо чакаў патруль тутэйшых мянтоў.

Ва ўніверсітэце гэтую кампанію спрабавалі абмінаць і лічылі пякельнымі гопнікамі.

А цяпер Дзяніс стаяў перад фактам і думаў: ісці ці не?

Адным з “залатых правілаў” кампаніі было — ніякіх дзяўчын.

Другім: калі ты прыйшоў — будзь добры нажэрціся.

“Іра з’ехала на лецішча”, — прыкінуў Дзяніс.

Што ж, гэта была субота і гэта павінен быў быць трэш-чад.

Дзяніс крутнуўся на крэсле і пракрычаў на ўвесь пакой:

— Я хачу, чорт пабірай, нажэрціся!

…Субота выдалася па-летняму спякотнай і асабліва ў цэнтры горада. Яшчэ здалёк, выходзячы са станцыі мятро “Плошча Леніна”, Дзяніс заўважыў каля галоўнага ўваходу ў БДПУ падазроную хеўру хлопцаў. Сэрца хвалююча закалола.

“Толькі без інцыдэнтаў”, — супакойваў сябе Дзяніс.

Ён ужо ўяўляў феерычную заслону ў канцы апошняга дзеяння п’янкі, разумеў і тое, што наступствы могуць прывесці да датэрміновага выключэння з шэрагаў працоўных мас, і тады не відаць Дзянісу яго гітары, таму каб, у лепшым выпадку, не патрапіць “на суткі”, неабходна было трымаць дыстанцыю.

“Толькі без інцыдэнтаў, добра?”

Падыходзячы бліжэй, ён разглядзеў хаўрус. Гэта былі: Коля Зубайла — дзікі гопнік з Малінаўкі, Лысы — традыцыйны скінхэд і Жорык — псеўда-металіст. Яны, як прыкмеціў Дзяніс, былі ўжо нападпітку.

— О, Дзёня, прыйшоў, — загарлапаніў Коля, убачыўшы Дзяніса.