Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Ён схаваў ад яе свой позірк, а яна, у сваю чаргу, не спускала з яго вачэй.

— Ну давай, скажы гэта…

— Я проста цябе кахаю… вось і ўсё…

Іра выпусціла яго з сваіх рук і падышла да краю даху. Горад перад ёй застыг у невядомым чаканні, а вецер растрапаў яе рыжыя, і асабліва пад сонцам, яскрава-рыжыя пасмы доўгіх валасоў, пакінуўшы на іх таямнічае пасланне. Яна выцягнула вусны ў трубачку і павольна выпусціла з роту сліну. Сліна расцягнулася і марудна паляцела ўніз, зачапіўшыся пасярэдзіне свайго шляху на адным з падваконнікаў. Потым яна выцерла далонню вільгаць на вуснах і спакойна загаварыла:

— А я ўбачыла цябе ўпершыню ў тым пераходзе каля ўваходу ў гандлёвы дом “Сталіца”. Ты стаяў там са сваімі сябрамі. Божа, якія ж яны гідкія. Ты істотна сярод іх вылучаўся хаця б сваім знешнім выглядам. Я, дарэчы, і цяпер не разумею, чаму ты з імі звязаўся. Маё першае ўражанне аб табе было на ўзроўні: "Паглядзі, які прывабны хлопчык". Але гэта не аб чым не гаварыла і сама я наўрад ці бы табой зацікавілася. Але Света, асоба вельмі вострага густу, сказала, што ты падобны на Іггі Попа[15] ў маладосці. У цябе тады таксама былі доўгія выбеленыя валасы. Света была без розуму ад яго і рок-н-ролу. Я прыгледзелася да цябе. Шчыра кажучы, я не ў захапленні ад рок-музыкаў, яны такія гучныя, агрэсіўныя і ад іх за кіламетр цягне алкаголем. Аб гэтым сведчылі і бутэлькі, якія вы выжлукцілі. Як зараз памятаю: на зямлі каля вас у некалькі радоў стаялі паўтара літровыя бутэлькі з-пад піва, прыбіральніца па некалькі разоў прыходзіла іх прыбіраць, але іх колькасць усё павялічвалася і павялічвалася. І ты быў мне агідны. А калі пазней ты падышоў да мяне з сваёй нахабнай прапановай, я здзівілася. Чаму менавіта я? Побач са мной сядзелі Света і Насця: адна мадэль, а другая проста лялька з твару. Ты быў такі сэксуальны і ў тую ж чаргу такі дакучлівы. І я табе адмовіла, а сяброўкі потым доўга мяне ўшчувалі. У мяне не было хлопца і я адмовіла. Але падсумоўваючы гэта, магу сказаць толькі адно, што не з кім іншым на гэтым даху мне не было б так добра, як цяпер з табой. Дзякуй табе…

Аднак пасля такіх прызнанняў яны засталіся стаяць на адлегласці. Дзяніс глядзеў Іры ў спіну, а яна не вырашалася азірнуцца, ёй здавалася, што яна расчыніла перад ім таямніцу, якую доўгі час хавала. Дзяніс падышоў да яе і дужа прыціснуў да сваіх грудзей. І раптам ён адчуў, як яе цела змякла і пачало сутаргава скалынацца. Дзяніс зразумеў, што яна плача, стрымана, але плача. Ён некаторы час не ведаў, што яму рабіць, а потым па інэрцыі пацалаваў яе ў галаву.

— Іра, што ты?.. — разгублена прамовіў ён.

Яна азірнулася і Дзяніс убачыў яе вільготныя вочы, сумныя і такія прыгожыя, нібы росныя васількі на сенажаці.

— Маленькая мая, ну што ты, што з табой, што такое?.. — паўтараў Дзяніс і спрабаваў суцешыць яе пацалункамі, ад чаго слёзы па яе шчоках каціліся яшчэ больш.

— Прабач мяне, — сарвалася з яе мокрых вуснаў.

— За што?.. — не зразумеў Дзяніс.

— А давай проста сядзем… Добра?.. Проста зноў сядзем… — сказала Іра. — Сядзем і аб чым-небудзь пагаворым…

Прытуліўшыся адзін да аднаго, яны зваротна селі на гарачы руберойд. Маўчалі.

— Аб чым жа будзем размаўляць?.. — урэшце спытаў Дзяніс.

— Аб тым, калі нам было добра.

— Чаму ты кажаш аб гэтым у мінулым часе? — не зразумеў ён, а калі скеміў, што задаў вельмі вострае пытанне, адразу перахацеў аб гэтым ведаць. Няхай сама расказвае.

Іра ўздыхнула. Выцерла далонямі вільготныя шчокі і паспрабавала супакоіцца. Дзяніс адчуў, як яе дыханне паступова пачало запавольвацца, пакуль канчаткова не нармалізавалася.

— Памятаеш той дзень, калі мы разам пайшлі ў кінатэатр “Перамога”? — прыгадала яна.

— Як жа не памятаць. Быў пахмурны восеньскі вечар, злёгку церушыў дождж…

— У паветры стаяў водар сапрэлага лісця…