Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

— Людзі вакол былі як-быццам ап’янёныя…

— І ты цалаваў мяне на вуліцы, цалаваў у засмокт, горача, моцна да сябе прыціскаючы…

— А ты напявала песню Beatles, толькі не памятаю якую…

— “Boys”…

— Ага…

— Потым мы зайшлі ў кіназал…

— Людзей было на рэдкасць няшмат і яны сядзелі невялікімі купкамі то тут, то там…

— Мы селі пасярэдзіне…

— У той вечар паказвалі Фасбіндэра…

— “Трэцяе пакаленне”, калі не памыляюся…

— Я быў у захапленні…

— Цудоўная рэжысёрская пастаноўка…

У небе над іх галовамі праляцеў самалёт і менавіта на даху гук яго турбін здаваўся непамерна гучным, ад чаго дрыготкай працінала ўсё нутро.

— Кіно — гэта страшны наркотык, — заўважыла Іра, — вядома, пасля кавы і цыгарэт. Люблю глядзець кіно адной, гэта, як усё роўна, чытаць кнігу — у поўнай цішыні і спакоі.

— Магчыма, толькі калі гэта дрэннае кіно, аднаразовая жованка, добрае кіно трэба глядзець выключна з кімсьці. Мне заўжды патрэбна фонавая эмоцыя, якой мне не хапае, таму я чэрпаю яе ад іншых. Вось з табой кіно глядзець — сапраўдная асалода.

— Па-твойму я эмацыйная?

— Хіба ты сама не ведаеш?

— Я хачу пачуць гэта ад цябе…

— Хутчэй так, чым не, але твая эмацыянальнасць утоеная пад пластам зваротнай рэакцыі, якую ты чакаеш ад мяне, і, калі яе не адбываецца, твае эмоцыі зрываюцца, як вязень з доўгатэрміновага зняволення.

Іра паклала сваю галаву на плячо Дзянісу.