— А потым, што было потым? — спытала яна.
Дзяніс, успамінаючы, усміхнуўся.
— Верагодна, адна з лепшых начэй у маім жыцці.
— Гіпербала.
— Аднак, мне здаецца, што мы адхіліліся ад тэмы “кіно”, — сказаў Дзяніс.
— Добра, тады назаві мой любімы фільм? — спытала Іра.
— Любімы фільм? У цябе ёсць любімы фільм? Раней я думаў, што ў цябе іх плойма. Хаця, судзячы па фільму, які мы першы раз глядзеў — гэта “Сіні аксаміт” Дэвіда Лінча.
— Ты памятаеш аб гэтым? Цікава. А твой, значыць — “Сід і Нэнсі”?
— Не, — зморшчыўся Дзяніс, — гэты фільм я паказаў, таму што хацеў цябе трохі эпатаваць.
— Не атрымалася. Мацюкі ніколі мяне не ўражвалі.
— Цяпер я ведаю, лепей бы паглядзелі “Кантроль” пра Joy Division,[16] але, на жаль, у той час у мяне не было гэтага фільма.
— Таксама пра панкаў?
— Пост-панкаў. Ад іх, дарэчы, пайшоў інды-рок і ўсе гэтыя брыт-попы з яскравым увасабленнем у тваіх любімчыках The Killers.[17]
— Прашу заўважыць — адных з любімчыкаў.
— Прабач, як жа можна забыцца на ліверпульскую чацвёрку з усёй хіпі-брыдой.
— Я разглядаю Beatles толькі з пункту гледжання музыкі.
— Вось бы класна было б табе апынуцца ў ЗША ў шасцідзесятых і жыць разам з валасатым мужыком у іржавым трэйлеры. Ён бы кожны вечар найграваў табе на гітары лірычныя балады аб пацыфізме, аб тым, што маладосць гэта выдатная пара і гэтым трэба карыстацца, накшталт: “О, дзетка, давай, не саромейся, давай, я гатовы прыняць тваё каханне…” і г.д.
— Быць падобнай на Джэніс Джоплін[18] і памерці ў дваццаць сем гадоў?! Не, прабач, я хачу пражыць да глыбокай старасці, каб было потым што ўнукам расказаць.
— Дай цыгарэту, — нечакана сказаў Дзяніс.
— Ты не паліш, — заявіла Іра.