Яны разам засмяяліся.
— А памятаеш “Невыносную лёгкасць быцця” Мілана Кундэра, мне галоўная гераіня — Тэрэза — цябе нагадвала. У той час, калі я чытаў гэтую кнігу, я яшчэ ня быў з табой знаёмы, але на невытлумачальным мне падсвядомым узроўні я заўжды параўноўваў яе з табой. Вы для мяне былі так падобныя.
Іра ўсміхнулася.
— Зусім не падобныя, хаця, мажліва, характарам.
Дзяніса такі лаканічны адказ на сваю шчырасць не расчуліў. Ён ужо даўно заўважыў за Ірай тэндэнцыю заўжды яго дражніць, але з націнкай гуллівасці, асабліва калі ён спрабаваў сур’ёзна з ёй размаўляць. Дзяніс не разумець навошта яна падкрэслівала перад ім свой узрост і вопыт. Яму раптам стала крыўдна. Яна гуляла з ім, як котка з мышанём і тым самым не дазваляла яму да канца сфармаваць думкі. У свае дваццаць гадоў ён пакуль не навучыўся гэтаму і яму было сорамна. Думкі, якія ў наступстве павінны былі выліцца ў словы, атрымліваліся сырымі і ірванымі. Іра часта кпіла над гэтым, але не да такой ступені, каб раззлаваць Дзяніса, а проста каб гэтым ушчуваннем зрабіць акцэнт на яго някемлівасць і падрыхтаваць глебу для разважання, каб ён паспрабаваў змяніцца.
— Я, напэўна, слабак, — песімістычна заключыў Дзяніс.
— І не ты адзін, — сказала Іра ўжо сур’ёзным тонам. — Усё наша пакаленне выхаванае ў лепшых традыцыі таталітарнага СССР, пакінула на нас з табой вялікі адбітак. З-за яго мы блага арыентуемся ў навакольным асяроддзі, часта раздражняемся, незадаволеныя жыццём і несамавітым лёсам.
— Ну ты яшчэ дадай сюды і тое, што нас спавівалі, — сказаў Дзяніс.
— І гэта таксама. Фрэйд меў рацыю.
— Фрэйд думаў толькі яйкамі.
— Я маю на ўвазе татальна кантраляванае грамадства, яскрава апісанае Джорджам Оруэлам у “1984”. З нашых дзядоў і бацькоў спрабавалі зрабіць расліну і гэтыя наступствы адбіліся на нас. Мы замаруджаныя ў развіцці. Пастаў еўрапейскага дзіця разам з нашым і ты знойдзеш сто адрозненняў. А ты не слабак, ты проста эгацэнтрыст у агульным коле слабакоў.
Дзяніс праглынуў сліну.
— Такое грамадства ўдала экранізаваў Тэры Гіліям[20] у сваёй “Бразіліі”.
— Так, усе, мне надакучыла, я змарылася, — прастагнала Іра.
— Спадзяюся, што не ад мяне?
— І ад цябе, у некаторай ступені, таксама.
— Я тут заўважыў незвычайную адмысловасць: усе рыжыя са сваім асаблівым “прыветам”. Няўжо ўся справа ў колеры?
Іра зморшчыла лоб.
— Толькі не трэба несці гэтую абывацельшчыну, мяне зараз званітуе.
— Ты скажы калі, я адсунуся.