Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

— Магчыма, — сказаў Снайпер. — Да даху ёсць толькі адзін шлях — вентыляцыя, якая знаходзіцца акурат над канвеерам. Каб узлезці на вентыляцыю, неабходна спыніць хаця б адну ветку канвеера. А далей па её. Складана будзе толькі спачатку, вентыляцыя ідзе ўгору, бліжэй да даху яна гарызантальная.

— Вось і тупік, — прабубніў Чыпушыла.

— Але як, канвеер нам непадуладны, ён дзейнічае самастойна? — спытаў Рупар.

— Мне здаецца, ён адчувае вібрацыю: галасы, рэзкія рухі. Калі ўстрымацца гэтага, можна пазбегнуць яго прыцягальнай сілы. На дах трэба лезці з першай веткі, вентыляцыя праходзіць як раз над ёй і на адносна невялікай адлегласці. Калі стаць у поўны рост, можна да яе дацягнуцца. Пытанне заключаецца ў наступным: як вывесці з дзеяння ветку? Для гэтага нам спатрэбіцца колькі загваздак, бензін і агонь. Загваздкі і паліва можна знайсці толькі ў адным месцы — на складзе цэху. Загваздкамі мы разаб’ем пульт першай веткі, і перакрыем падачу электрычнасці, потым зальем палівам стужку і падпалім яе.

— А што, слушная прапанова, толькі на дах я не палезу — вышыні баюся, канвеер памагчы спыніць гэта іншая справа, — разборліва прагугнявіў Дзяцел.

Дзяніс таксама баяўся вышыні, але сказаць аб гэтым пасаромеўся.

— На дах палезу я, — сказаў Снайпер, — мне патрэбен яшчэ хтосьці спрытнейшы і маладзейшы.

Самымі маладымі былі Свістуля, Підар і Дзяніс. Аднак яны не падтрымалі Снайпера, а значыць заставаўся адзін Дзяніс. У яго горле стаў камяк. Ён паглядзеў на Снайпера і кіўнуў галавой у знак згоды. Твар Снайпера выканаўся прыязнасцю.

— Тады вырашана — нас чацвёра, можна брацца за справу, — прамовіў Снайпер.

— Ты памыляешся, нас — сямёра, — звярнуўся да яго зухаваты Пазаліні. — Са мной яшчэ хлопцы, а ну вылазьце з-пад рукамыйніцы.

Свістуля, скурчыўшы незадаволеную міну, спакваля падняўся, піхаючы ў бок Підара. Той усё ўпарціўся, а потым падняўся. Пазаліні бясспрэчна з’яўляўся іх аўтарытэтам.

Дзяніс заўважыў, як у вачах Рупара забліскала так патрэбнай усім надзеяй.

— Ну што, дапаможам ім? — звярнуўся ён да астатніх, а потым дадаў: — Рамуальд, калі ты і на гэты раз не пойдзеш, Богам клянуся, я з вялікім задавальненнем яшчэ раз урэжу табе па храпе. Сітуацыя, бач, падыходная.

— Ды што ты, я згодзен, — спужана сказаў Чыпушыла.

Грыша праглынуў цяжкі камяк.

— Толя, — звярнуўся Рупар да Снайпера, — каб вы дабраліся да даху, мы зробім усё магчымае. Глядзі толькі пасля адразу ж кліч дапамогу! Мы з вамі!

Снайпер задаволена ўсміхнуўся.

— Вось так бы і адразу.

На гэтым яны і пагадзіліся, поўныя нерашучасці і страху перад спробай, самай апошняй, ад якой залежыла іх жыццё.

12