Усе акрамя Снайпера паднялі рукі.
— Значыць я застаўся адзін.
— І што ты будзеш рабіць? — спытаў яго Рупар.
— Пакуль не ведаю, часу, я думаю, у мяне дастаткова.
Пазаліні пафасна хмыкнуў.
Дзянісу стала сорамна за працоўных і ў першую чаргу за сябе. Яму часта прыходзілася пакутаваць з-за сваёй нерашучасці, дзесьці рахманасці, лішняй перасцярогі. Часам, яго турбавала заганнае прадчуванне, што калі ён зрабіць глупства, людзі блага аб ім падумаюць. Цяпер яму не давалі спакою думкі, што і Снайпер кепска падумае пра яго, палічыць здраднікам і наогул баязліўцам. Вядома, Дзяніс нічога не хацеў прадпрымаць, акрамя таго, як сядзець у туалеце і чакаць дапамогі. Але ў тую ж чаргу невялікая, зусім кволая энергія рашучасці і ўпэўненасці ў сабе, падахвочвала, прымушала яго падтрымаць Снайпера. Спярша Дзяніс чакаў, што, магчыма, яшчэ хто-небудзь выявіць жаданне змяніць сваю пазіцыю і тады Дзяніс разам з ім зменіць сваю. Аднак працоўныя маўчалі. Потым яго ўрэшце ахапіла ўнутраная злосць, што ў сваіх рашэннях ён заўжды прывык спасылацца на іншых. І гэта канчаткова прадвызначыла яго ваганні. Ён паглядзеў на Снайпера і, хвалююча ўздыхнуўшы, сказаў:
— Я з табой.
Снайпер са здзіўленнем, а потым з надзеяй паглядзеў на Дзяніса і ўсміхнуўся. Пазаліні і Дзяцел пачалі перашэптвацца паміж сабой.
— Вы здурнелі! — сказаў Рупар. — Ужо нічога нельга зрабіць, хіба вы яшчэ не зразумелі, што мы ў пастцы, а калі паспрабуем адсюль выбрацца, з намі ўсімі расправіцца няшчадны механізм?!
Снайпер яму не адказаў, таму што сам не ведаў як адказваць. Дзяніс пачырванеў і падышоў бліжэй да яго.
— Самазабойцы, — канстатаваў Гестапа.
— Хлопцы, а з вамі можна? — звярнуўся да іх Пазняк.
Гэта было вялікай нечаканасцю, але ўсе прысутныя даўно звыкліся з сюрпрызамі.
— Вядома можна, — сказаў Снайпер, — таму што я разлічваю выйсці адсюль і як мага хутчэй.
Словы яго прагучалі досыць упэўнена.
— Адсюль толькі адно выйсце — цераз дах, — нечакана сказаў Дзяцел.
Дзяніс насцярожана паглядзеў на Снайпера і той, лагодна ўсміхнуўшыся Дзятлу, нібы ён адгадаў яго думкі, сказаў:
— Менавіта.
На імгненне Дзяніс расчараваўся, што згадзіўся прыняць удзел у гэтай задуме, тое самае ён прачытаў і на твары Пазняка.
— У вас нічога не атрымаецца, — сказаў Ласун.