— Ну і што…
— Цяпер твае бацькі будуць ненавідзець мяне яшчэ і за тое, што я прызвычаіла цябе паліць.
— Яны не пазнаюць. Перад тым, як прыйсці дамоў, я з’ем жованку.
— …якую перад гэтым ты возьмеш у мяне, — іранічна дапоўніла Іра.
Яна дала яму цыгарэту і ўзяла сабе. Запалілі. Дзяніс зрабіў першую зацяжку і адчуў, як лёгкія заказытаў халодны дым, ён выдыхнуў і зацягнуўся ізноў.
— Не ведаю як фільм, але твой улюбёны серыял — гэта “Твін Пікс”, — натхнёны тытунем, сказаў Дзяніс.
— О так… Ты ведаеш, хто забіў Лору Палмер?
— Безумоўна… Я губляю прытомнасць, калі слухаю саўндтрэк з гэтай кінастужкі. Упершыню я паглядзеў яго ў другім класе, памятаю эпізод, калі хлопчык у масцы з вострым носам бегае па крузе, як казляня. Мяне гэта так пужала, я начамі не мог заснуць.
— А мяне ўражвае той эпізод, калі Лора Палмер заходзіць у свой пакой і бачыць, як Боб хаваецца за яе фікусам. У нас дома падобны калісьці стаяў і я ўсё думала, што вось вярнуся дамоў са школы, зайду ў пакой, а там будзе стаяць агідны Боб і ўсміхацца мне сваімі гнілымі зубамі.
— Уражлівыя мы з табой, — сказаў Дзяніс.
— Не тое слова.
Іра збіла попел і Дзяніс паўтарыў за ёй, пасля чаго яны прыхінуліся галовамі адзін да аднаго і ўтаропіліся кожны ў сваю кропку. Ім было так утульна разам, што з іх можна было маляваць карціну аб дасканалай гармоніі.
— Ты б хацела стаць актрысай? — спытаў Дзяніс.
— Кінадзівай хутчэй…
— Цудоўна, будзеш другой Джуліян Мур.[19] Вы, дарэчы, з ёй чымсьці падобныя.
— Магчыма, — звяраючы ў думках яе вобраз, сказала Іра. — Хаця з ёй мне падабаецца толькі адзін фільм — “Вялікі Лебоўскі”.
— Яна там у ролі мастачкі, якая малюе палотны ўласнай вагінай? Як эстэтычна! Ты хацела б здымацца ў “іншым кіно”?
— Я не выключаю такой магчымасці. Быць рознапланавай актрысай, гуляць у малабюджэтных праектах і адначасова ў галівудскіх кінастужках.
І яна засмяялася.
— Што ж, я на сто адсоткаў упэўнены, што ты ёй станеш, — сказаў Дзяніс.