— Дзякуй, — разгублена вымавіла Іра і адвяла позірк.
Дзяніс глыбока зацягнуўся і, выпусціўшы дым, пачаў кашляць. Іра паляпала яму па спіне, але жэстам рукі ён паказаў, што дапамога яму не патрэбна.
— Табе нельга паліць.
— Чаму гэта? — адкашляўся Дзяніс.
— Дым толькі пераводзіш і цыгарэту па-дзіўнаму трымаеш.
— Ну як?
— Як школьнік, а вусны ў трубачку скручваеш, калі зацягваешся.
— Я ўсё ткі не круты гангстар, каб дым у твар пушчаць, нібы ў лепшых сцэнах нуар-кіно.
— Астынь каўбой, не ўсё так дрэнна, — Іра наставіла на Дзяніса паказальны палец, як быццам пісталет і здрыганулася рукой, імітуючы стрэл, а потым дунула ва ўяўнае дула. Далей яе рука міжвольна лягла яму на нагу і спакваля пачала прасоўвацца да крайняй плоці. Па целе праслізнулі прыемныя дрыжыкі і адчуванне замілавання напоўніла яго нутро. Неўзабаве ў пругкіх джынсах ён пачаў адчуваць імклівае ўзбуджэнне. І калі рука Іры была ў некалькіх сантыметрах ад прызначэння, Дзяніс хутка спыніў яе, паклаўшы зверху сваю далонь. Спачатку моцна сціснуў, а потым асцярожна паклаў ёй на калены. Іра спрактыкавана прыкусіла ніжнюю губу і раптам змяніла выраз твару. Яе гуллівы вобраз ператварыўся ў маску адчужанасці. Яна затушыла чарговы недапалак аб руберойд.
— І ўсё ткі кіно, — з большым запалам распачаў Дзяніс.
— Ай, надакучыла…
— Надакучыла? — здзівіўся ён.
— Так, надакучыла.
— Добра, тады аб чым пагаворым?
— Аб чым-небудзь іншым, новыя тэмы заўжды лепш папярэдніх.
Дзяніс паспрабаваў зрабіць інтэлектуальны выгляд.
— Можа аб літаратуры?
— Давай… — безуважна сказала Іра.
— Якую апошнюю кнігу ты прачытала? — спытаў Дзяніс.
— “Замак” Кафкі.