— А я глядзеў экранізацыю Балабанава, дарэчы…
— Пачакай, — перабіла яго Іра, — мы ўжо змянілі тэму — літаратура — кіно праехалі.
— О’кэй, — заківаў галавой Дзяніс. — Але мне, шчыра кажучы, здаецца, што ўсю гэтую літаратуру XX стагоддзя даўно ўжо трэба выкінуць за борт новага карабля, які рушыцца ў правільным дэструктыўным накірунку XXI стагоддзя. Трохі скажаю Маякоўскага, але думка ў цэлым адна і тая ж.
— А мне болей падабаецца выраз Хуліё Картасара; ён казаў, што кожны новы пісьменнік руйнуе літаратуру.
— О, гэты шызафрэнік! Калі ты пазнаёміла мяне з ім, я амаль адразу закахаўся ў яго анахранічную манеру пісання.
— Таму што гэта вытанчаная літаратура.
— Магчыма, — згадзіўся Дзяніс. — Аднак занадта нудная і элітарная, я б сказаў. Не кожны вытрымае чытаць філасофскія дыялогі і разважанні галоўных герояў аб сэнсе быцця. Але гэта не ўваходзіць не ў якое параўнанне з тым, што я чытаў у школе. Мая літаратура абмяжоўвалася выключна школьнай праграмай і невялікімі вылазкамі ў кнігарні, дзе я купляў кнігі беларускамоўных аўтараў — класіку вядома.
— Ты лічыш універсітэт даў нам шырокі кругагляд? — спытала Іра.
— Хутчэй яго асяроддзе. Я, напрыклад, вельмі ганаруся тым, што мне давялося вучыцца з некаторымі асобамі на сваім курсе.
— Гэта ты пра сваіх сяброў-алкаголікаў? Цікава.
— Так, — не крыўдуючы на такія словы сказаў Дзяніс, — бо, ведаеш, кожны з іх геніяльны па-свойму.
— Я заўважыла, што з кожным годам малодшыя курсы робяцца змарнелымі фізічна і пустымі духоўна. Я гляджу на асобных студэнтаў і здзіўлена задаюся пытаннем: якога ліха яны робяць у гэтых сценах?
Іра казала з такім абурэннем, што твар яе пасуравеў да непазнавальнасці.
— Адукацыя зараз патрэбна ўсім, — сказаў Дзяніс.
— І нават тым, хто не ведае, якія гады былі ў XIX стагоддзі, што такое чвэрць стагоддзя, я ўжо не залажу ў самыя нетры.
— Яны ўжо сапраўды не чыталі Картасара.
Іра пагардліва фыркнула і спытала:
— Ты спадзяешся яны ведаюць, хто такі Мацей Бурачок?
— Я спадзяюся яны ведаюць, хто такі Янка Купала!
— Наіўны албанец.