Калі пад’ехаў аўтобус, я запісаў у свой мабільнік яе нумар і спытаў імя.
— Аліса, — усміхнуўшыся, адказала дзяўчына.
Я сеў у аўтобус, а Аліса засталася сядзець на прыпынку.
У наступную суботу мы сустрэліся з ёй каля ўваходу ў мятро і пайшлі ў клуб “Step” на канцэрт гурта Ambassador 21.[23]
Аліса была вельмі прывабнай у сваім доўгім паліто, у ботах на тонкай шпільцы і з заплеценымі назад валасамі. Яна мне спадабалася яшчэ больш.
Мы зайшлі ў клуб. Я пазнаёміў яе са сваімі знаёмымі і вельмі хутка мы паглыбіліся ў псіхадэлічнае асяроддзе індастрыяла. Музыка і ўсё навокал было проста шыкоўным. Але, як не дзіўна, Алісе там зусім не спадабалася, яна вывела мяне ў курыльню і сказала, што хоча адтуль сысці. Я яе не разумеў, але выйшаў на вуліцу.
— Мне тут страшна і зусім няўтульна, — сказала яна. — Гэта музыка, гэтыя людзі, яны, здаецца, з’ехалі з глузду.
Я засмяяўся.
— Пайшлі да цябе…
— А як жа муж? — кінуў я зусім непатрэбнае пытанне.
— Аб’еўся груш… — сказала Аліса і ўзяла мяне пад руку.
Мы селі ў аўтобус, даехалі да мяне і зайшлі ў кватэру. Я запаліў святло і мы скінулі верхняе адзенне.
— Гарбату ці кавы? — прапанаваў я.
— А ў цябе цукеркі ёсць?
— Знойдзем.
— Тады гарбату.
І Аліса, не пытаючы ў мяне дазволу, адразу пайшла ў залу. Тым часам на кухні я пачаў рыхтаваць для нас гарбату. На халадзільніку, яшчэ з папярэдняй суботы, ляжала каробка не даедзеных цукерак, Санёк і Дэн, звычайна, гэтакім чынам кармілі сваіх начных сябровак. Я зрабіў гарбату, усыпаў сабе, як заўжды, тры лыжкі цукру і праз сценку спытаў:
— Колькі табе лыжак?!
— Паўтары, — пачулася з залы.
— Гарбата гатова, калі ласка, да стала!