Снайпер маўчаў. Дзяніс яшчэ раз паглядзеў яму ў вочы і адчуў, што доўга не зможа ўтрымліваць яго ў сваіх руках.
— Я не ведаю, што тут адбылося, але хутчэй за ўсё гэта дзіўныя праявы канвеера, — крыкнуў Дзяніс, — не паддавайся яго выбрыкам! Ну жа?!
Снайпер зласліва выцiснуў з сябе:
— Паспрабуй разгайдаць мяне.
Але разгайдаць яго было не такта проста. З кожным імгненнем Снайпер станавіўся цяжэйшы на кілаграм. Руку так і хацелася адпусціць, кісць, здавалася, вось-вось адарвецца. У гэты момант Снайпер падняў уверх ногі і адпіхнуўся ад вентыляцыі. Дзяніс сабраў усе свае намаганні і калі Снайпер хістаўся ў паветры, паспрабаваў падцягнуць яго да сябе, моцна ўпёршыся ў адчынены люк.
— Давай, — шыпеў Снайпер.
Дзяніс напружыўся да пакольвання ў выі і паясніцы, і яшчэ на пару сантыметраў падцягнуў яго ўверх. Гэтага хапіла. Снайпер закінуў ногі і як скалалаз па стромай скале ўскараскаўся абедзвюма нагамі на трубу. Дзяніс падцягнуў яго да сябе і праз хвіліну пакутлівага змагання за жыццё, яны ўдвух аказаліся ў бяспецы. Яшчэ хвіліна пайшла на іх адыхаўку, яны не маглі прамовіць і слова, пераводзячы дыханне. Дзяніс задыхаўся і з шырока расплюшчанымі вачыма пазіраў на Снайпера. Той, у сваю чаргу, глядзеў на яго. Адсопшыся, Дзяніс прагугнявіў:
— Што тут здарылася?
— Я разбіў табе нос, — сказаў Снайпер.
— Я згубіў кантроль?
— Як толькі мы апынуліся ў трубе…
Дзяніс цяжка ўздыхнуў.
— Дах зусім блізка, — сказаў ён.
— Мы амаль каля мэты.
— Аднак разам далей лезці нельга.
— Калі мы распачалі гэты шлях разам, разам яго і скончым, — заключыў Снайпер.
— Ты не разумееш, у любую хвіліну са мной можа здарыцца анамалія. Я ўступіў у бойку з канвеерам.
— Заўваж, не толькі ты адзін…
— Снайпер, паслухай…
— Снайпер?! — здзівіўся ён.