(замест эпілогу)
Вытрымкі з прэсы:
Савецкая Беларусь:
“…на Мінскім заводзе лядоўняў адбылося надзвычайнае здарэнне: канвееры аднаго з цэхаў на ўсю начную змену выйшлі з-пад кантролю, пры папраўцы пацярпелі два працаўніка. Да раніцы непаладкі былі ліквідаваныя”.
Рэспубліка:
“…надзвычайнае здарэнне на “Тытане”, пацярпелі колькі працоўных, аднак сур’ёзных пашкоджанняў няма, да раніцы праца на заводзе была наладжана”.
Мінскі кур’ер:
“Мінскі завод лядоўняў выйшаў на новы, значна якасны прадукцыйны паказчык. Нездарма знак “зроблена ў Беларусі” — знак якасці”.
Труд:
“МЗЛ “Тытан” на сённяшні дзень з’яўляецца адным з перадавых прадпрыемстваў нашай краіны. На заводзе вырабляюцца лядоўні розных відаў, таксама пральныя машыны, мікрахвалеўкі, якія па якасці ні ў чым не саступаюць замежным і кошт, дарэчы, радуе. Працаваць на “Тытане” — значыць, атрымліваць годную зарплату, мець згуртаваны калектыў і вартае кіраўніцтва”.
Звязда:
“Сёння МЗЛ “Тытан” пастаўляе ў краіны СНД звыш 24 500 лядоўняў і гэта далёка не мяжа. “Купляйце беларускае” — ужо не выклікае ў нашых спажыўцоў недаверу”.
Вячэрні Мінск:
“Надзвычайнае здарэнне на “Тытане” было хутка ліквідавана працоўнымі-спецыялістамі і канвееры трэцяга цэха, якія па ўжо высветленых прычынах спыніліся на ўсю змену, урэшце, былі спраўныя. Так сказаў адзін з працоўных гэтага заводу: “Працаваць тут добра і цікава, а падобныя непаладкі адзінкавыя і агульнымі намаганнямі выпраўляюцца”. Такія словы па-сапраўднаму разгортваюць душу беларуса, як працавітага і клапатлівага чалавека”.
Камсамольская праўда:
“Чуткі аб масавых ахвярах на Мінскім заводзе лядоўняў, нічым не пацверджаны. Хутчэй за ўсе, гэта карысна апазіцыйным СМІ, якія разлічваюць на падтрымку з захаду. Пацярпела ўсяго чатыры працаўніка, выяўлены толькі два пераломы. Праца была хутка наладжаная і першая змена нават перавыканала свой план”.
Верасень 2008 — верасень 2009 гг.
Апавяданні
Прыпынак
1
“Мінск — даволі кансерватыўны горад”, — сказаў вакаліст гурта Haujob[21] Даніэль Майер, калі прыязджаў да нас з канцэртам. Мінск, чымсьці, нагадаў яму Германію часоў ГДР. Бадай, я з ім згаджуся. Калі заехаць у цэнтр Мінска, амаль паўсюль цябе сустрэнуць гэтыя аднастайныя пяціпавярховікі з вялікімі вокнамі і маленькімі балкончыкамі — сталінскі ампір, так званы стыль архітэктуры. Дарэчы, калі сам правадыр народаў адзін і адзіны раз наведаў Мінск і тое праездам у 1945 годзе, ён, убачыўшы адны толькі руіны, сказаў: “Мінску — быць”. І так, з яго лёгкай рукі, разбураны вайною горад ператварыўся ў тое, што мы зараз бачым: шырокія плошчы, прасторныя вуліцы і завулкі, якіх вы не ўбачыце ў ніякай Эўропе.