— …у мяне былі трызненні.
— Нізкі тагасветны голас… белы пакой… кроў… канвеерная стужка…часткі чалавечых целаў… гіганцкі язык…
— Адкуль ты ведаеш?
— Я бачу гэтыя сны ўжо дзесяць гадоў, з таго самага часу, як прыйшоў сюды працаваць.
Яны замаўчалі. Знізу да іх данёсся рух канвеера: лёгкі, павольны, з невідушчай, смяротнай пагрозай.
— Тады завершым пачатае, — сказаў Дзяніс.
Знутры вентыляцыі падзьмула брудным паветрам з пылу і іншай завадской трасцы.
— Далей палезем звонку, — сказаў Снайпер.
Чапляючыся здзёртымі пальцамі за рыфленую абалонку вентыляцыі, яны прасоўваліся наперад, як слімакі па галіне дрэва. Адкуль у іх браўся моц, не ведаў ні Снайпер, ні Дзяніс. Рукі, спіна, ногі даўно спруцянелі. І толькі прага да выратавання і жыцця, надавала ім крыху пругкасці і гнуткасці. На апошнім дыханні. Трэці цэх ляжаў, нібы на далоні. Дзяніс нерашуча паглядзеў уніз і ў яго закружылася галава.
— Не глядзі туды, — папярэдзіў Снайпер. — Лепш паспрабуй дацягнуцца да форткі.
Прыблізна, метраў у двух ад яго ўжо быў шкляны дах; адна з фортак была прыадчынена. Але Дзяніс не дацягнуўся. Заставалася адно — скокнуць. Гэтая ідэя прыйшла ў яго галаву не адразу. Аднак гэта было самым рэальным шанцам патрапіць на дах.
— А што, калі я не далячу, ці не вытрымае фортка? — спытаў ён у Снайпера.
— А што, калі… Ведаеш, колькі разоў я сёння задаваўся гэтым пытаннем? — сказаў Снайпер.
Дзянісу стала прыкра і разам з тым прыступ хвалявання, у які ўжо раз за гэтую ноч прымусіў спацець яго далоні. Каб гэта не стала следствам пагібелі? Доўга не марудзячы, ён выпраміўся ва ўвесь рост. У каленных суставах адчувалася дрыготка. Ён умоўна вымераў адлегласць ад вентыляцыі да форткі і, утрымліваючы раўнавагу на слізкай паверхні трубы, злёгку прагнуўшыся, адпіхнуўся ад вентыляцыі. Абедзве рукі ўчэпіста замацавалася за драўляную раму форткі. Дзяніс падцягнуўся і ўсунуў ногі ў праём.
За акном світала. Прыемная імжа халадзіла разгарачанае цела. Ён прапоўз уніз па шкляным даху і скаціўся да бетонных парэнчаў. Спіну абліло нечаканай, рэзкай ледзяной свежасцю і ён яшчэ некаторы час праляжаў так, не рухаючыся. Абудзіў яго гук скачка Снайпера. Ён павіс на фортцы і ўжо не ў сілах быў падцягнуцца. Дзяніс падаспеў яму на дапамогу, і Снайпер неверагоднымі намаганнямі ўсё ж здолеў ускараскацца на дах. Праз хвіліну яны абодва моўчкі ляжалі каля бетонных парэнчаў, прагна глытаючы свежае паветра.
Над Мінскам падымалася блякла-жоўклае сонца і з даху асабліва добра былі відаць яго цнатлівыя промні, што так няўцямна траплялі на паверхню горада.
— Мы жывыя, — суха прамовіў Снайпер і Дзяніс толькі кіўнуў галавой.
Яны сапраўды засталіся жывымі. Дзяніс ляжаў на спіне і зацята думаў аб сваім жыцці. Хто я? Навошта я? Што мне трэба рабіць? Адвечныя філасофскія пытанні штурмавалі яго розум. А потым ён заплакаў, але нягучна, так, каб не пачуў Снайпер. Слёзы былі чэрствыя і ад іх лягчэй не ставала. Дзяніс адчуў сябе кінуты ўсімі. Якісьці пісьменнік казаў, што толькі па-сапраўднаму адзінокі чалавек імкнецца на чужыну, і ён меў рацыю. Цяпер Дзяніс разумеў Іру і яе жаданне з’ехаць. І ён таксама калі-небудзь з’едзе, з’едзе куды падалей, далей ад адзіноты, ад канвеера, ад гэтых людзей, каб знайсці супакой і зачараванне ў мары.
З цэха пачулася рыпенне, а па даху пракацілася вібрацыяй. Дзяніс расплюшчыў вочы і пераглянуўся са Снайперам. Канвеер спыніўся. Ці на доўга?
15