Мне падабаецца Мінск, я люблю гэты горад, я жыву ў ім. Я жыву ў новым раёне на яго ўскрайку сярод шчыльных вуліц, сканструяваных з дамоў-каробак — тут адчуваецца сапраўдны пах постсавецкага асяроддзя, дзе па дварах бадзяюцца ўсялякія гопнікі, дзе трахаюцца па пад’ездах, бухаюць і колюцца, дзе проста жывеш звычайным жыццём, як і ўсе звычайныя людзі гэтага кансерватыўнага горада. Мне падабаецца Мінск, мне падабаецца мой раён, мне падабаецца мая вуліца на яго ўскрайку.
Але раней тут было ўсё зусім па-іншаму. Наш дом стаяў на полі, а вакол яго ў розныя бакі распаўзаліся доўгія каналы з бруднымі плямамі калюжын, якія з-за невыносна жудаснага паху ўсе называлі “смуроднікамі”, таму і здавалася, што наш дом знаходзіўся ў зоне адчужэння. У мяне было мала сяброў. Гэта, відаць, з-за таго, што я не любіў гуляць па вуліцы, аддаючы перавагу чытанню кніг, а вечарам, зазвычай, назіраў з акна за распаленым сонцам, якое марудна згасала за трубамі заводу, што віднеўся на самым небакраі. З усяго нашага класа толькі адзін я, нават пасля выпускнога, застаўся нявіннікам. Упершыню я па-сапраўднаму пацалаваўся ў шаснаццаць гадоў. Гэта здарылася ў школьнай бібліятэцы з адной дзяўчынкай, якая акрамя мяне туды часта заходзіла. Дзіўна, ніколі не думаў, што дзяўчыну са школьным статусам “шлюшка” будуць цікавіць кнігі. Аднойчы, калі бібліятэкар выйшаў па справах, яна падсела да мяне і сказала, што я ёй падабаюся. Яна сказала, што я падабаюся яшчэ некаторым дзяўчынкам у школе, але яны лічаць мяне “батанікам” і слабаком. Потым яна ўзяла мяне за падбароддзе і пацалавала. Яе язык залез у мой рот і пачаў там варушыцца. Тады я зусім не ўмеў цалавацца і наогул лічыў, што гэта складана цалавацца “па-французску”. Але нічога складанага ў гэтым не аказалася. Я проста пачаў паўтараць за ёй, варушачы языком па ўсім яе роце. Памятаю, яна ўсміхнулася і сказала: “А ты не блага цалуешся”. Я здзівіўся, мне было вельмі прыемна. Аднаго я не мог зразумець дакладна: чаму ў дзяўчынак складаўся такі стэрэатып, што ўсе “батанікі” слабакі, чаму заўжды яны жадалі бачыць у выглядзе свайго хлопца якогасьці навапаказанага хулігана, які б блага вучыўся і пудзіў бы ўсіх астатніх? І чаму некаторыя з іх лічылі мяне слабаком? Дома ў мяне былі гантэлі і турнік. Я займаўся фізічнымі практыкаваннямі разы тры на тыдзень. Цяпер я даволі моцны і каржакаваты хлопец.
Пасля школы я хацеў паступіць у ВНУ. Я здаў экзамены, падаў дакументы на факультэт журналістыкі ў БДУ, аднак на бюджэт не прайшоў, не хапіла патрэбных балаў і мне прыйшлося ісці на завод. У маіх бацькоў не было грошай, каб плаціць за мяне. Да таго ж яны ўжо былі старымі і на пенсіі, (маці нарадзіла мяне ў сорак гадоў). Вядома, я мог паступіць вучыцца завочна, але мяне не вабіла перспектыва гарбаціцца і адначасова грызці граніт навукі. Трэба выбіраць штосьці адно. Для мяне важней былі грошы. А далей бацька пакінуў нам са старэйшым братам ключы ад кватэры, усе патрэбныя дакументы, спадзяючыся на нашу самастойнасць і з мамай з’ехаў жыць у вёску. Брат у хуткім часе ажаніўся і перасяліўся жыць да жонкі. Так я застаўся адзін.
Дарэчы, я не сказаў як мяне завуць, ведаеце, я і не стану гэтага рабіць, захоўваючы сваю канфідэнцыяльнасць. Можаце называць мяне як хочаце, гэта вашая справа.
Такім чынам я застаўся адзін, зусім адзін, у мяне не было ні сваякоў, ні сяброў, ні нават блізкага чалавека. Прынамсі, мне пашанцавала ўладкавацца слесарам на МАЗ, дзе я і цяпер працую. Зараз мне дваццаць чатыры гады. Я брунет з чорнымі, як вуглі вачыма. Нежанаты. Спартыўнага целаскладу. Вельмі хутка гэтыя прыкметы будуць разлепленыя па ўсім Мінску, але гэта потым. На той час усё складвалася не так і кепска, я зарабляў добрыя грошы і ў мяне была асабістая кватэра. На заводзе я пазнаёміўся з двума незвычайнымі хлопцамі Саньком і Дэнам, у адрозненні ад мяне яны былі бесшабашнымі асобамі. Кожны, ведаеце, цяпер сходзіць з глузду па-свойму. Гэта менавіта яны падсадзілі мяне на digital hardcore[22] і я амаль кожную суботу праводзіў з імі ў начных клубах. Там я пазнаёміўся з рознымі людзьмі, рознага кшталту і густу, і, вядома, з андэграўнднымі дзяўчатамі. Я заўжды дзівіўся, як Санёк з Дэнам лёгка раскручвалі кароткія, начныя раманы з п’яненькімі дурніцамі, якіх яны заўжды прыводзілі да мяне на кватэру. А на раніцу я вымятаў усіх прэч і ўсе выходныя ў мяне з бадуна расколвалася галава. Праз тыдзень пачыналася ўсё зноўку.
Той сон з’явіўся неспадзеўкі, мая старая парана, якая турбавала мяне з дзевятнаццаці гадоў была амаль забытая і тут з’явіўся гэты сон.
Відаць, я крыху абмовіўся, калі сказаў, што мне адразу прыйшлося ўладкавацца на завод. Не зусім так. Некаторы час я падзарабляў грузчыкам у смуглявых тайцаў і даўганосых грузінаў на кірмашы “Ждановічы”. Я цягаў цяжкія скрыні, набітыя садавінай і агароднінай.
Той нядзеляй, пасля суботняга сэйшну, я лёг, дзесьці, у гадзін дзесяць вечара і адразу ж адключыўся.
І вось я ішоў па карабатым асфальце рынка, шукаць сабе працу. Было вельмі спякотна і я зняў майку. Сонца апякала мае белыя плечы і рукі, а вакол мяне хадзілі загарэлыя хлопцы. Яны безупынку гаманілі. Сярод іх мітусіліся цыганы і мужыкі гадоў пад сорак. Я заўважыў аднаго хлопца, што сядзеў на тратуары, падняўшы твар да сонца. Падышоўшы да яго, я спытаў: “Слухай, а дзе тут можна ўладкавацца на працу?” Хлопец здзіўлена паглядзеў на мяне: “Лепш сказаць знайсці працу, — паправіў ён. — Бачыш тую браму, — паказаў ён пальцам на падабенства брамы, — ідзі да яе, за брамай будуць грузавікі, падыходзь да вадзіцеляў і пытай: “Вам грузчык не патрэбен?”. Я аддзячыў яго і пайшоў да брамы. За брамай аказалася доўгая чарга грузавікоў. І я пачаў абыходзіць кожнага вадзіцеля, з ненадакучлівай, як мне здавалася, прапановай, але адусюль чуў толькі адно “не”. Пад самы канец чаргі я ўжо і не спадзяваўся знайсці працу, я проста спыніўся ля аднаго грузавіка, як раптам пачуў за спінай: “Што, хлопец, працу шукаеш?” Я азірнуўся і ўбачыў у кабіне з адчыненымі дзвярыма вусатага дзядзьку. Ён перакінуў цыгарэтку з аднаго кутка вуснаў у другі і выскаліўся жоўтазубай ухмылкай. “Залазь сюды”, — уладна сказаў ён, і я пакорліва залез у кабіну. Вусач аказаўся вадзіцелем гаспадыні, якая разбіралася ў канторы з дакументамі па закупе тавара. Да заезду на рынак заставалася каля паўгадзіны. Вусач папярэдзіў мяне, каб з гаспадыняй я быў ветлівым і па-уважлівей. Я кіўнуў і спытаў колькі мне заплацяць. Ён сказаў, што каля дваццаці-дваццаці пяці тысяч, (даволі не блага на той час). Калі адбыўся заезд, вусач паставіў грузавік на патрэбным месцы. Тады я і ўбачыў гаспадыню. Гэта была мажная жанчына невялікага росту з дробненькімі, як у хамяка вачыма. Вусач дапамог мне паставіць тавар на вітрыну, (яны гандлявалі таматамі, яблыкамі, персікамі і вінаградам) і хутка кудысьці пайшоў. Я застаўся сам насам з таўстухай. Амаль да самага вечару мне прыйшлося цягаць розныя скрыні, дагаджаць пакупнікам і чуць у спіну словы гэтай каровы: “Давай хутчэй! Чаго сядзіш, шэльма, нясі тавар!” Мяне брала злосць, калі гэтая тлустая дура дзёрзка мной кіравала; але мне былі патрэбны грошы і я стрымліваў сябе ў ганарлівым маўчанні. Некаторы час да нас зусім не падыходзілі пакупнікі і я сядзеў у цені кузава, а гаспадыня круцілася ля вітрыны. З яе шыі, прывязаны за вяровачку, звісаў кашалёк, у якім былі ўгандляваныя грошы. Тады я падумаў, што з усёй стосы яна выцягне дзве пакамячаныя купюры і, нават шкадуючы іх, выдасць мне. Голас у маёй галаве загаварыў: “Чаму так, гэта не справядліва?” “Таму што яна твой працадаўца, а ты яе падначалены”, — казаў другі голас. “І што, гэта не вызваляе яе з-пад адказнасці, яна павінна заплаціць за свой доўгі язык! ” — не згаджаўся першы голас. “Ты не можаш, гэта супраць чалавецтва!” — крычаў другі голас. І я згадзіўся з апошнім. “Лайдак, злазь адтуль і дапамажы мне, ты нічога сёння не робіш, за што я табе буду плаціць?!” — гыркнула на мяне таўстуха, калі я быў у роздумах. Я злез і дапамог ёй, у большай ступені адчуваючы сябе плебеем XXI стагоддзя. Пад самы канец працы гаспадыня загадала мне залезці ў кабіну грузавіка і прынесці ёй з бардачка пачак цыгарэт. Хоць гэта і не ўваходзіла ў мае абавязкі, я залез у кабіну, але цыгарэт там ніякіх не знайшоў. Я паклікаў гаспадыню. Яна, ледзьве не лопаючыся ад злосці, сама, як велічэзная гнюсная жаба ўскараскалася сваімі калодамі па жалезных усходах у кабіну і пачала на мяне раўсці. Па яе словах было зразумела, што я нікчэмны ідыёт, які не толькі працаваць, але і наогул ні для чаго непрыдатны і яшчэ, што я не атрымаю ад яе ані рубліка. Апошняе, відавочна, было перабольшваннем, але ў канцы канцоў з мяне было досыць: кроў падышла да скроняў, твар затросся, а рукі сціснуліся ў кулакі. Аднак таўстуха не спалохалася мяне, наадварот, яе гэта рассмяшыла і яна сказала: “Ведаеш на каго ты падобны?..” Але на каго менавіта я не паспела пачуць. Рэзкі скачок і мае рукі схапілі яе за шыю, і вялікімі пальцамі націснулі на горла. З-за сваёй непаваротлівасці яна нават не змагла мне супрацівіцца. Я сціскаў ёй горла колькі хвілін, пакуль таўстуха не перастала дыхаць. Відаць, я вельмі моцна націснуў, таму што мне забалелі пальцы. Таўстуха асунулася на сядушцы і пабялела на маіх вачах. Я сарваў з яе кашалёк, скінуў працоўныя пальчаткі, выскачыў з кабіны і, як мага хутчэй, пабег прэч.
І тут я прачнуўся.
Увесь мокры ад поту я падскочыў з канапы і, зразумеўшы, што гэта ўсяго толькі сон, з палёгкай лёг зваротна.
“Прысніцца ўсё ж?” — падумаў я.
На гадзінніку было чатыры трыццаць раніцы і да пяці я праварочаўся з боку на бок, не могучы заснуць. У глыбіні мяне нарадзіліся ранейшыя і даўно забытыя хваляванні.
Калі празвінеў будзільнік, я падняўся. Памыўшыся ў ваннай, я прыгатаваў сабе сняданак з яечні і сасісак, пачысціў зубы, узяў зсабойку і выйшаў на вуліцу.
Раніца, як заўжды, выдалася вільготнай і свежай. Сонца яшчэ не пралупілася праз шкарлупіну шэрых аблокаў, а на зямлі ляжаў брудны і сухі снег. Цьмяным святлом гарэлі ліхтары і хацелася спаць. Людзі выходзілі з сваіх кватэр-логавішчаў і ішлі на працу з асалавелымі вачыма, як зомбі. І я ішоў сярод іх, такі ж зомбі. Я ішоў на свой прыпынак, чакаць аўтобуса.
Мой прыпынак знаходзіўся на самай ускраіне Мінска, у двух прыпынках ад аўтобуснага дэпо. Уяўляў ён з сябе драўляную лаўку, калісьці пафарбаваную ў жоўты колер і драўляную сценку з брылём такога ж жаўтлявага адцення. На гэтай сценцы, звычайна, былі разлепленыя розныя аб’явы з зусім нецікавымі прапановамі. За прыпынкам знаходзіліся прыватныя гаражы, а за дарогай пачыналася поле, на якім месцамі сустракаліся хмызнякі вербалозу. За полем пачыналася колцавая траса і канец горада. І мне падабалася гэта месца і гэты прыпынак. Ён быў амаль заўжды бязлюдным, таму што людзі, часцей за ўсё, ехалі ў мятро, ці садзіліся ў аўтобус каля самога дэпо.
Той раніцай я павольна крочыў да прыпынку, праходзячы праз дрымотныя вуліцы. Я выйшаў на сцежку каля гаражоў і мне ўжо здалёк паказалася яго жаўтлявая сценка. Я хутка прыйшоў і на сваё здзіўленне ўбачыў на лаўцы дзяўчыну. Закінуўшы нагу на нагу, яна сядзела абхапіўшы сябе аберуч. Белыя пасмы яе хвалістых валасоў неахайна звісалі да вузкіх плячэй. Я сеў непадалёк ад яе і ўнурыўся на поле.
— У вас не будзе запаліць? — пачуў я стомлены голас дзяўчыны.
— Я не палю — адказаў я.
— І я таксама, — уздыхнула дзяўчына.