Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Я ўсміхнуўся і паглядзеў на яе. Мне адразу спадабаліся яе вялікія блакітныя вочы і пасмяглыя вусны, якія яна час ад часу аблізвала. Дзяўчына заўважыла маю ўсмешку, і я адвёў свой позірк.

— На працу едзеце? — яна наўмысна хацела распачаць размову і мяне гэта насцярожыла.

— Так, — сказаў я. — А вы?

— Не ведаю, я наогул не ведаю, што мне рабіць і куды ехаць, у мяне зараз столькі праблем…

Дзяўчына была нападпітку і па ёй было прыкметна, што яна не спала цэлую ноч.

— У вас што-небудзь здарылася? — спытаў я, хаця, па вялікім рахунку, мяне гэта зусім не цікавіла.

— Здарылася? Вядома здарылася, гэта аднойчы павінна было здарыцца, — дрыготкім голасам, які пераходзіў у істэрыку, прамовіла яна.

Мне было нязручна вось так адразу распытваць, што канкрэтна з ёй здарылася, аднак яна расказала сама.

— Мой муж змяніў мне з маёй сяброўкай і ўчора, нібы-то каючыся, расказаў аб гэтым. Я збегла з дому, напілася ў танным бары, села на апошні аўтобус і апынулася тут. А, дарэчы, колькі зараз часу?

— Палова шостай.

Дзяўчына цяжка ўздыхнула.

— Нават і не ведаю, што вам рабіць у такой сітуацыі, — сказаў я, каб толькі не маўчаць.

— Затое я ведаю, — сказала дзяўчына.

Я замаўчаў, разумеючы, што яна сама раскажа.

— Што вы робіце ў суботу? — нечакана спытала яна.

Мяне перасмыкнула і я прабубніў:

— Іду на канцэрт.

— Можна скласці вам кампанію?

Не ведаю… не ведаю, што мне трэба было ёй тады адказаць. Я не хацеў адчуваць сябе гнюсам, улазячы ў любоўны трыкутнік, але я ўсё ж такі мужчына, як і астатнія, і ўсіх нас свярбіць адзін і той жа жывёльны інстынкт, тым больш, калі ўсё так проста падаецца.

— Відаць, можна, — адказаў я.