Снайпер падышоў да дзвярэй і асцярожна прыадчыніў іх. Паглядзеў вакол і зачыніў зваротна.
— Здаецца, ціха, — сказаў ён. — Выходзіць будзем па аднаму, першым пайду я, павольна, без непатрэбных рухаў, і памятайце — менш слоў — больш дзеянняў, будзем падаваць адзін аднаму сігналы, — папярэдзіў усіх Снайпер.
Адчыніўшы дзверы, ён зрабіў крок наперад, трохі счакаў і пайшоў, за ім, ледзь не на дыбачках пачалі крочыць іншыя, гужам, напружана дыхаючы адзін аднаму ў спіну. Дзяніс пайшоў за Дзятлам. Ён адчуваў адрэналін, які каламуціў яго кроў, але спрабаваў супакойваць сябе шанцам на выратаванне. Ён глядзеў у тонкую шыю Дзятла і не вырашаўся слізгануць поглядам куды у бок. Па тым, як пачалі ўздыхаць астатнія, Дзяніс зразумеў, якое відовішча разгарнулася ў цэху. За гэтую ноч яму хапіла раскіданых вантробаў на лініях канвеера на столькі, што можна было пасівець. Цяпер ён уяўляў, што значыць, калі варушацца валасы на галаве і гэта было не перабольшванне. Тое, што яму выпадала глядзець на кампутары: усялякае псеўда-снаф смецце ў той момант здавалася ўвертурай перад сапраўднай крывавай операй. Ногі дрыжалі, бы ноччу на марозе, далоні пацелі і пры ўсім гэтым Дзяніс спрабаваў да апошняга не губляць мужнасці.
Підар, які ішоў за ім, схапіў Дзяніса за плечы і ледзь не прытуліўся да яго спіны ўсім целам. Дзяніс адчуў яго імпульсіўнае трапятанне.
Усе яны выйшлі з прыбіральні і на хвіліну спыніліся.
— Тваю маці… — сухім голасам сказаў Пазняк.
Дзяніс інстыктыўна падняў вочы ўверх. Потым у яго затрэсліся рукі і праняла ашалелая дрыготка.
Трэці цэх змяніўся да непазнавання. Свет стаў цьмяным, аддаючы чырвона-агністым колерам. Рух канвеера запаволіўся, а гук скрыгату, які выдавала канвеерная стужка, знік. І над усім гэтым жудасным каўпаком вісела ўражлівае, што адкідвала ўсе папярэднія ўяўленні аб быцці, крывавае, жахліва-першабытнае відовішча. Усе канвеерныя веткі і падвышаныя канвееры трэцяга цэха былі запоўненыя часткамі чалавечых целаў. Прычым кожная канвеерная ветка размяшчала асобныя іх часткі. Падвышаныя канвееры цяпер спецыялізаваліся выключна на адрэзаных галовах. Яны былі насаджаныя ратамі на крукі. На астатніх ветках то тут, то там ляжалі рукі, ногі і скрываўленыя тулавы. І самай, бадай, дзіўнай была тая дасканаласць, з якой былі падзеленыя чалавечыя целы. Анатамічная дасведчанасць і валоданне інструментам у такіх маштабах не магло не здзіўляць. На першай ветцы ідэальна ў шэраг ляжалі рукі, адрэзаныя да локцевага згіну. Канечнасцяў было на столькі шмат, што здавалася праз канвеер прайшоў увесь склад завода, і калі б не кроў, якая сцякала з канвеера, магло скласціся ўражанне, што патрапіў у цэх па вырабу манекенаў.
— Дык вось куды падзелася другая змена, — шэптам сказаў Рупар.
— Напэўна тут і першая прысутнічае, — сказаў Ласун, што ішоў за ім.
— Ці наогул увесь завод, — прасіпеў Пазняк.
— Акрамя нас, — сказаў Снайпер.
Апошнія словы выбілі глебу для песімізму і далі выспятка той змрочнай атмасферы, якая лунала ў паветры.
— Пачнем, — сказаў Снайпер.
У трэцюю змену цэхавы склад заўжды быў зачынены, а ключы ад яго былі ў Холадава. Аб гэтым ведалі ўсе акрамя Дзяніса. Гестапа, які кожныя паў гадзіны хадзіў туды папаліць, падышоў да складскіх дзвярэй і тузануў за ручку.
— Я, звычайна, прашу Веру, каб яна не зачыняла. Ведаючы маю прагу да тытуню, яна робіць для мяне выключэнне. У нашым выпадку яно лёсавызначальнае, — сказаў ён.
— Сукін ты сын, ты хаця б разумееш, што сваёй шкоднай звычкай выратаваў нам жыццё! — усміхнуўся Ласун.
Гестапа нічога не адказаў і адчыніў дзверы.
Краем вока Дзяніс убачыў, як прыадчыніліся дзверы жаночай прыбіральні і адтуль вылезла жаўтлявая галава Масла.
— Ёсць яшчэ ацалелыя? — вырвалася з рота Дзяніса.