Масла з палёгкай выдыхнула і адчыніла дзверы шырэй. За ёй паказалася Зіна. Яны пазіралі напалоханымі вачыма, а ўбачыўшы кашмарнае відовішча, зусім збялелі. Да іх хутка падскочыў Снайпер і зачыніў за сабой дзверы. Там ён, відаць, растлумачыў ім усю сітуацыю і новыя правілы бяспекі, і выйшаў зваротна.
На складзе Рупар знайшоў з дзясятак загваздак розных памераў і выдаў кожнаму, нібы аўтамат перад рашучай бойкай, а Дзяніса нават пляснуў па плячы. Снайпер прыхапіў два рэспіратары. Бензін адшукалі ў самым куце склада, адну каністру з пазнакай “для пагрузчыка”.
— Падыходзіць да канвеера таксама будзем па аднаму, і памятайце — ніякіх слоў, падаем адзін аднаму знакі, — сказаў Снайпер. — Пяць чалавек зойдзе з левага боку, бліжэй да пульта, астатнія з правага. Я аблію стужку палівам, Рыжы падпаліць яе. Як толькі яна загарыцца, адразу трэба разбіць пульт, хлопцы справіцеся? — спытаў ён у Свістулі і Підара, тыя кіўнулі. — Астатнія будуць стаяць на падстрахоўцы, здарыцца можа ўсякае.
Наспеў час дзейнічаць. Працоўныя стоўпіліся вакол Снайпера і ён, прыціснуўшы паказальны палец да вуснаў, пайшоў у накірунку першай веткі. Снайпер ішоў нібы кот, бязгучна ступаючы па падлозе, гэтым самым дэманструючы астатнім, як трэба набліжацца да канвеера. Ён дайшоў да першай веткі і жэстам паказаў, што можна рухацца наступнаму. Доўга чакаць не прыйшлося, Рупар, сціснуўшы ў гужаватых руках сваю загваздку, асцярожна пасунуўся да канвеера. Такім чынам усе працоўныя расфармаваліся каля першай веткі. Апошнім ішоў Дзяніс. Ён бачыў напружаныя позіркі за кожным сваім рухам. Дзяніс ішоў ледзьве не на дыбачках, глытаючы глейкую сліну і адчуваючы, як цяжка б’ецца яго сэрца. Сканцэнтраваўшыся на сваіх кроках, ён на нейкі момант зразумеў, што губляе раўнавагу і, спатыкнуўшыся, выдаў падэшвай кеда слізгальны гук. Працоўныя ўсе да аднаго схамянуліся, вылупілі на яго вочы і застыглі ў чаканні хуткай смерці. Але нічога не здарылася, Дзяніс своечасова стаў у патрэбную паставу, каб пазбегнуць падзення і паспяхова дайшоў да канвеера. Трымаючы ў потных руках загваздкі, працоўныя чакалі загаду Снайпера. Той, трохі счакаўшы, пачаў адкручваць вечка на каністры з бензінам. Далоні Дзяніса спацелі да такой ступені, што яму здавалася, загваздка выслізне з яго рук, як мыла. Адчыніўшы каністру, Снайпер пачаў разліваць бензін на канвеерную стужку. Рупар падышоў да Снайпера, падпаліў запальніцай шматок анучы і шпурнуў яе на канвеер. Стужка ўспыхнула, як свечка і агонь адразу ахапіў усю яе даўжыню. Снайпер левай рукой падаў знак у накірунку пульта і Свістуля з Підарам нерашуча пасунуліся ў той бок. Загваздкі амаль сінхронна ўвайшлі ў загадзя адчыненую каробку пульта і адтуль пасыпаліся іскры. У гэтае імгненне канвеер зарыпаў, нібы яго механізмы былі пакрытыя пластам шматгадовай іржы. Канвеерная стужка заварушылася ў перадсмяротных канвульсіях, як тоўсты пітон, якога пратыкнулі дзідай. Трэці цэх напоўніў смярдзючы і ёдкі дым падпаленай гумавай стужкі. Нечакана з ахопленай пажарам першай веткі канвеера вылезла велізарная агністая рука якойсьці містычнай асобы і схапіла першага, хто трапіўся. Ім аказаўся Пазняк. Рука схапіла яго ў сваю смяротную пятлю і зацягнула ў полымя. Пазняк загарэўся, як ерэтык у эпоху змрочнага сярэднявечча, пакінуўшы ад сябе немы лямант. Убачыўшы такі нечаканы зыход, Чыпушыла кінуў на падлогу сваю загваздку і пабег зваротна ў прыбіральню. Але гэта было вялікай памылкай: загваздка ўзнялася ў паветры і шалёным бумерангам паляцела за Чыпушылай, нагнаўшы яго амаль каля самых дзвярэй, на хуткасці знесла яму палову галавы. Мазгі крывавым фаршам пырснулі на белую кафлю, бы фарба на палатно мастака-эксперыментатара.
— Усім стаяць на месцы і не рухацца! — сказаў Снайпер.
Але было, мусіць, занадта позна. Падпалены Пазняк і размазаныя мазгі Чыпушылы зрабілі сваю справу. За Чыпушылай, у сляпой надзеі на выратаванне, пакідалі свае загваздкі Підар, Свістуля і Грыша.
— Стаяць! — не стрымаўся і крыкнуў Снайпер.
Магчыма, толькі гэтае слова выратавала Дзяніса ад спробы кінуць загваздку і ўцячы з імі. Ён заплюшчыў вочы і з усёй моцы сціснуў яе ў сваіх руках. Таму што ў наступную хвіліну, кінутыя на падлогу загваздкі гаротнай троіцы, на вачах ва ўсіх падняліся ў паветра і стрэламі ўсадзіліся ў іх целы. Грыша паспеў толькі прастагнаць. Дзяцел пачаў адыходзіць назад, рукі яго моцна затрэсліся і ён натуральна зарыдаў, выпусціўшы загваздку з рук, і ўкленчыў. Гаротна закрыў далонямі вочы і расплакаўся. Дзяніс ніколі не чуў, як мужчыны плачуць у адчаі. Аднак плач яго прыглушыў тупы гук загваздкі, якая мязнула Дзятла па чэрапу, размажджэрыўшы яго галаву. Ласун і Гестапа запанікавалі і разам пабеглі ў другі бок ад канвеера. Больш іх ніхто не бачыў, ні крыкаў, нічога…
— Усім стаяць, — прашаптаў Снайпер, апусціўшы галаву.
Услед за Грышай канвеер выдаў чарговы пранізліва-рыпучы гук, ад чаго па скуры Дзяніса прабеглі мурашкі. Гук нагадваў адчайдушны лямант параненага звера, якога напаткалі знянацку. Дзяніс з хвіліны на хвіліну чакаў, што агністая рука зацягне яго ў пякельнае вогнішча і не адразу зразумеў аб перамозе, напружыўшыся і, заплюшчыўшы вочы. Толькі крык Пазаліні: “Мы зрабілі гэта!” дапамог яму авалодаць сабой.
Канвеерная стужка была дэстабілізавана. Рупар знаходзіліся ў поўным ступары, Пазаліні мацюкаўся самымі кепскімі словамі, а Снайпер зачаравана глядзеў на агорнутую полымем першую ветку. Недалёка ад іх, распластаўшыся на падлозе, у калюжы крыві, ляжаў прадзіраўлены Підар і Свістуля з Грышай. Дзяніс не разумеў, якая сіла прымусіла яго застацца на месцы, нібы гэта было і не яго цела. А потым ён закрычаў, простым дзікім крыкам, магчыма, так, як крычалі першабытныя людзі, заваліўшы маманта. Яго крык разляцеўся па усім цэху, прымусіўшы скалануцца ўсіх жывых.
Калі рука Снайпера лягла яму на плячо, ён спыніўся, адчуваючы, як моцна запякло ў горле.
— Адыходзім, — сказаў Рупар.
Дзяніс зачыніў дзверы і ўбачыў збялелых жанчын, якія прыціснуліся адна да адной, сярод іх самай напужанай здавалася Курва. Снайпер адразу падышоў да жанчын і неразборліва аб чымсьці спытаў. Жанчыны пачалі пераглядацца і ажыўленна міргаць вачыма. Неўзабаве Снайпер расмяяўся і паглядзеў на ацалелых. Аднак у яго вачах Дзяніс выразна прачытаў трывогу. Заставалася самае складанае, і па Снайперу было бачна, што цяпер ён і сам ня быў ўпэўнены, здолеюць яны дабрацца да даху, ці не. І тады Снайпер ляпнуў сябе па сцёгнах — так, звычайна, робяць людзі, якія ўрэшце прынялі канчаткова рашэнне.
— Эдзік, Палыч, мне спатрэбіцца ваша дапамога.
Рупар з Пазаліні пераглянуліся і нічога не адказалі. Яны разумелі, што без іх дапамогі Снайперу і Дзянісу ніяк не дабрацца да канчатковай мэты, але з другога боку яны вельмі, і гэта было відавочна, не хацелі выходзіць за дзверы. На гэта ніхто не звярнуў увагі і самі мужыкі спрабавалі не падаваць выгляду. Яны стаялі ў чаканні, калі Снайпер аддасць загад выходзіць.
— А вы сядзіце тут, — сказаў ён жанчынам, — і што б не здарылася, ні ў якім разе не выходзьце адсюль, толькі гэта будзе гарантыяй вашага жыцця і бяспекі.
Як толькі Дзяніс усвядоміў, што гэта апошнія словы Снайпера перад адпраўленнем на дах, рукі яго затрэсліся. Ён не ўяўляў сябе на крохкай вентыляцыі на вышыні дваццаці метраў. Немагчыма. Але больш за ўсё Дзяніса бянтэжыла тое, што ад яго будзе залежыць жыццё астатніх.
— Ну, што ж, пайшлі, — сказаў Снайпер і Дзяніс зразумеў: адступаць назад позна.
13