Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Яны ізноў выйшлі ў цэх і кожны адчуў подых небяспекі. Дзяніса кінула ў пот. Бязмоўе першай веткі і дым, які зыходзіў ад яе стужкі на фоне гуду астатніх канвеераў, надаваў ей прыхаваную пагрозу.

Снайпер падаў знак і ўсе разгрупаваліся па сваіх месцах. Потым ён асцярожна паставіў нагу на канвеер і трывала стаў на яго паверхню. Хвіліну пастаяў, пераканаўшыся, што канвеер канчаткова бяздзейнічае і кіўнуў Дзянісу падымацца. Дзяніс недаверліва паглядзеў Снайперу ў вочы, працягнуў яму рукі і хутка апынуўся побач з ім. Рупар і Пазаліні залезлі наступнымі. Канвеер па-ранейшаму не падаваў ніякіх прыкмет руху і гэта, безумоўна, абнадзейвала. Гумовая канвеерная стужка, якая расплавілася ад высокай тэмпературы пад час пажару, цяпер нагадвала астылую лаву, якая прыліпала да абутку.

Як толькі яны ўзлезлі на канвеер, стала відавочным, што вентыляцыйная труба знаходзіцца значна вышэй, чым гэта здавалася візуальна. Дзяніс выцягнуў рукі ўгару, як самы высокі з рабочых — да вентыляцыі яму заставалася яшчэ каля метра. Але Снайпер загаддзя ўсё прадугледзеў. Ён узяў за плечы Рупара з Пазаліні, паставіў іх тварам да твару, паказаўшы, каб яны счапілі рукі ў замок і прыгатаваліся іх падняць. Дзяніс павінен быў лезці першым. Снайпер падвёў яго да мужыкоў і жэстам паказаў падымацца. Дзяніс схапіў мужыкоў за плечы і двума нагамі стаў на іх счэпленыя рукі. Мужыкі застагналі, падымаючы яго да вентыляцыі і Дзянісу здалося, што канвеер зрушыўся на колькі сантыметраў. У наступнае імгненне рукі Дзяніса датыкнуліся да алюмініевай вентыляцыі і ён адчуў яе паветраную лёгкасць. Вентыляцыйная засланка была забруджана тоўстым пластам пылу, які пакінуў ад сябе рабочы тыдзень, асеўшы на рашотцы шэрымі камякамі. Дзяніс згарнуў пыл далонню і без падказкі адкруціў па баках засланкі чатыры шрубкі. Знутры яму ў твар патыхнула едкім вільготна-састаялым пахам цвілі. Дзяніс на імгненне згубіў раўнавагу, але ў апошні момант утрымаўся, учапіўшыся рукамі за вентыляцыю, потым апрануў рэспіратар, падцягнуўся і ўлез унутр вентыляцыі.

Труба знутры аказалася даволі вузкай і слізкаю. Дзяніс прасунуўся наперад і паглядзеў наперад, убачыўшы, як вентыляцыя цягнулася высока ўгару нейкім падабенствам лесвіцы, прыступка за прыступкай.

Між тым, Снайпер падрыхтаваўся лезці следам за Дзянісам. Нельга было губляць ні секунды. Ён такім жа чынам, але значна марудней залез у вентыляцыю. Снайперу была прадстаўлена вузкая прастора трубы для яго шырокіх плячэй і азадак Дзяніса спераду. Яны пачалі рухацца наверх і вентыляцыйная труба загрымела, скаланаючыся ад іх рытмічных зрухаў.

Рупар з Пазаліні зачараваныя ўдалай дыслакацыяй Дзяніса і Снайпера зусім забыліся пра ўласную бяспеку і засталіся стаяць на канвееры, гледзячы на вентыляцыю, якая гайдалася з кожным прасоўваннем выратавальнікаў. А потым Рупар парушыў першае і самае галоўнае правіла — маўчаць.

— Давайце, хлопцы, лезьце вышэй! — сказаў ён.

У гэты момант Дзяніс спыніўся, каб адпачыць і яму падалося, як быццам голас Рупара абсекся на апошнім слове. Снайпер таксама спыніўся і пачаў прыслухоўвацца.

— Рыжы? — паклікаў Рупара Снайпер.

Замест яго голасу знізу пачуўся рух канвеера, ашалелы рух звышхуткаснай машыны смерці; рэшткі канвеернай стужкі аж трашчалі. Не цяжка было здагадацца, што здарылася з мужыкамі. Дзянісу хацелася расплакацца. Калі праходзіш з людзьмі цераз пекла, недарэчная смерць можа прывесці да істэрыцы. У тую хвіліну Дзяніс шчыра жадаў, каб на канвееры замест Рупара і Пазаліні апынуліся Масла з Курвай і Зінай. Аднак яму трэба было дабрацца да канчатковай мэты, хаця б дзеля сябе і Снайпера. Таму замест таго, каб безупынна біцца галавой аб алюмініевую абалонку трубы і галасіць падобнае: “Мы ўсе асуджаныя і нам не выжыць”, Дзяніс палез далей. Хтосьці казаў, што праца змяняе людзей і гэта існая праўда.

14

Адзіным зручным момантам у вентыляцыйнай трубе былі яе рыфленыя сценкі, за якія, прынамсі, можна было ўчапіцца, каб узбірацца вышэй. Труба вяла высока ўгору і з кожнай хвілінай станавілася цяжка дыхаць, а пыл прасочваўся і цераз рэспіратар. З кожным рухам Дзянісу здавалася, што труба пачынае звужацца. Ззаду соп Снайпер, а спераду яму ў твар патыхала смуродным паветрам. Яны прапаўзлі ўсяго метраў пяць, а пальцы Дзяніса ўжо паспелі пачырванець і сцерціся. Да ўсяго далучалася дакучлівае пачуццё клаўстрафобіі, якое з імпэтам нараджалася ў яго мозгу ўсё мацней. Пакутлівая аднастайнасць ціснула на псіхіку і так занадта падарваную за начную змену, і Дзяніс пачаў усведамляць, што яго розум адлучаецца ад рэчаіснасці. Упершыню ён усвядоміў, што гэта адбывалася міжвольна. Дзяніс прадставіў свой розум ядром сціснутай энергіі, якое пульсуе над яго абезрухомленым целам. Раптам на вочы навалілася непамерная дрымота, нібы ён не дакранаўся да падушкі цэлы тыдзень. І Дзянісу захацелася заплюшчыць вочы ўсяго на колькі секунд, а калі яны прайшлі, Дзяніс зразумеў, што ўжо не можа іх расплюшчыць. Разам з тым цела абмякла, з роту пацякла сліна, і ён пачаў трэсціся, як наркаман ад ломкі. Далей Дзяніс не памятаў.

Чаканім крок, выразней рухі, засталося зусім крыху!

…………………………………………………………………………………………………………………

А я ведаў, што ты хлопец не промах, таму і дапусціў у сваю гульню. Ты складаеш тую нешматлікую колькасць адшчапенцаў, хто спрабуе супрацьстаяць мне. Твая асаблівасць — ты новенькі, цябе тут ніхто не ведае, менавіта пагэтаму я і выбраў цябе. Можаш гэтым ганарыцца. Аднак не забывай, што гэта мая гульня і ты мая марыянетка.

Скажы, ты сапраўды разлічваў вось так проста, перакрыўшы адну ветку, залезці сюды і без перашкод патрапіць на дах? Магчыма, але малаверагодна. Трэба аддаць належнае, план і праўду нядрэнны. Я разлічваў, ты палезеш адзін і з табой будзе лягчэй дамовіцца. Нам ніхто не замінае? Узнікла незразумелая вібрацыя, ад якой Дзяніс ледзьве не прыйшоў у прытомнасць. Не трэба абурацца, я ведаю твае адносіны да гэтага чалавека, але калі бойка справядлівая, трэцяму ў ёй няма месца. Ці не праўда? Вібрацыя паўтарылася. Цішэй-цішэй, не страчвай свае сілы марна, якіх у цябе і так не шмат. Паслухай сюды, мне для большага апагею ўсёй гэтай драмы патрэбен каларытны фінал, які б уразіў мяне. Я даю табе невялікі шанец, зусім невялікі і хто ведае, можа ты разважліва ім скарыстаешся, хто ведае, хто ведае?!

А цяпер уяві сябе на маім месцы. Уявіў?.. Ты — велізарны механізм і з-пад твайго кантролю выходзіць два шрубы, выйсце ёсць толькі адно і ніякага іншага быць не можа, запомні — не можа. Сітуацыя такая: каб наладзіць дзеянне механізму, трэба зваротна закруціць адзін са шрубаў. Адзін закруціць, другі выкінуць. Што ты зробіш у такім выпадку? Маўчанне. Урэшце табе вырашаць…

Яго выпхнула ў рэальнасць, як корак. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў, што па пояс вылез з вентыляцыйнага люку і яго за руку трымае Снайпер, звісаючы ўніз. Твар яго быў збялелым, яны дабраліся амаль да самага даху, вентыляцыя ўжо была гарызантальнай, а адлегласць паміж падлогай і імі складала вышыню, прыкладна, пяціпавярховага будынка. Руку Дзяніса пранізваў рэзкі боль, з чаго зыходзіла, што Снайпер вісеў так ужо колькі хвілін. З носа Дзяніса цурчала кроў, крапаючы на алюмініевую вентыляцыю. Ён паглядзеў у вочы Снайпера і пад прыхаваным жахам убачыў лютую нянавісць да сябе. Ноздры Снайпера раздзімаліся, як у быка, удала параненага тарэра, а вусны былі сціснутыя ў натужлівым жаданні зрабіць Дзянісу балюча. Дзяніс зразумеў, што ў вентыляцыі паміж імі адбылося штосьці непрадказальнае. Ён учапіўся другой рукой за руку Снайпера і моцна сціснуў яе. Раўнавага засталася.

— Так, паслухай сюды, — сказаў Дзяніс дрыготкім голасам, — я думаю, што нам трэба выбірацца адсюль. Якія будуць прапановы?

Яго словы гучалі з наіўнай абуральнасцю, але ў іх была вялікая неабходнасць.